ТРЫ́ЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 4—5.10.1997 у Мінску. Прысутнічалі 522 дэлегаты ад 7110 чл. партыі (паводле звестак мандатнай камісіі, на з’езд абраны 581 дэлегат). Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (В.​В.​Чыкін), Цэнтр. рэвіз. камісіі (Л.​Ключнікава), мандатнай камісіі (Н.​А.​Пракошына); прыняцце Праграмы КПБ, Статута КПБ, палажэння «Аб Цэнтральнай рэвізійнай камісіі Камуністычнай партыі Беларусі»; выбары кіруючых органаў. Прынятая з’ездам Праграма КПБ акрэслівала стратэгічную мэту партыі — пабудову камуніст. грамадства, бліжэйшыя мэты — аднаўленне СССР і пераарыентацыя грамадства на сацыяліст. шлях развіцця.

Пацверджана, што КПБ стаіць на цвёрдых класавых пазіцыях, захоўвае вернасць марксізму-ленінізму. З’езд заклікаў да непрызнання Белавежскіх пагадненняў 1991, да аднаўлення СССР, супрацьдзеяння экспансіі Захаду і прасоўванню НАТО на Усход, умацавання саюзу Беларусі і Расіі. Зацверджаны Статут КПБ, палажэнне аб Цэнтр. рэвіз. камісіі КПБ, прыняты рэзалюцыі «Аб 80-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі», «Рукі прэч ад У.​І.​Леніна!», звароты з’езда ў сувязі з 75-й гадавінай стварэння СССР, у падтрымку ахвяр паліт. рэпрэсій, да народаў Еўропы і ўсяго свету ў сувязі з пашырэннем блока НАТО і яго прасоўвання на Усход. З’езд выбраў Вышэйшы савет партыі, ЦК КПБ у складзе 14 чл. і 5 канд. у чл., Цэнтр. рэвіз. камісію.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)